СВЯШЧЭ́ННЫ САЮ́З,
саюз еўрапейскіх манархаў, заключаны пасля краху напалеонаўскай імперыі. 26.9.1815 у Парыжы рас. імператарам Аляксандрам I, аўстр. імператарам Францам I і прус. каралём Фрыдрыхам Вільгельмам III падпісаны т.зв. Акт свяшчэннага саюза. 19.11.1815 да С.с. далучыўся франц. кароль Людовік XVIII, потым большасць манархаў Еўропы. Вялікабрытанія не ўвайшла ў саюз, але падтрымлівала яго палітыку. Дзейнасць С.с. была накіравана на ажыццяўленне рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15, задушэнне рэв. і нац.-вызв. руху ў Еўропе. Вядучая роля ў саюзе належала Аляксандру I і К.В.Метэрніху. На 1-м Ахенскім кангрэсе 1818 вырашаны пытанні пра датэрміновы вывад акупац. войск з Францыі, пра захаванне ў Еўропе дзярж. граніц, вызначаных Венскім кангрэсам, і абсалютысцкіх рэжымаў. На Тропаўскім кангрэсе 1820 Расія, Аўстрыя і Прусія падпісалі пратакол, якім абвяшчалася права ўзбр. ўмяшання ў справы інш. дзяржаў (у адпаведнасці з гэтым рашэннем Аўстрыя задушыла Неапалітанскую рэвалюцыю 1820—21 і рэвалюцыю 1821 ў П’емонце). Лайбахскі кангрэс 1821 санкцыяніраваў аўстр. інтэрвенцыю ў Неапалі і П’емонце. У адпаведнасці з рашэннем Веронскага кангрэса 1822 франц. армія ў 1823 уварвалася ў Іспанію, задушыла рэвалюцыю і аднавіла абсалютызм. Супярэчнасці паміж С.с. і Вялікабрытаніяй узніклі з-за розных адносін да вайны за незалежнасць ісп. калоній у Амерыцы 1810—26, паміж Расіяй і Аўстрыяй — у сувязі з процілеглымі адносінамі да грэч. нац.-вызв. паўстання 1821—29. Паўстанне дзекабрыстаў у 1825 у Расіі, рэвалюцыя 1830 у Францыі і Бельгіі, паўстанне 1830—31 у Польшчы, Літве і Беларусі моцна падарвалі С.с. У пач. 1830-х г. саюз фактычна распаўся (фармальна ў 1848 у час рэвалюцыі 1848 у Францыі).
т. 14, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)